“Нашы птушкі” перабраліся ў Белавескую пушчу

На гэтым тыдні фотавыстава “Нашы птушкі-2009”, арганізаваная Гродзенскім абласным аддзяленнем АПБ з найлепшых фотаздымкаў гарадзенскіх фотамайстроў, была перавезена ў школы Свіслацкага раёну, ў якім знаходзіцца частка Белавескай пушчы. Выстава пачне сваю вандроўку з Корнадзкай і Ханявіцкай сярэдніх школаў, а потым завітае ў госці ў самы вялікі клуб АПБ “Крылаты дазор” на Гарадзеншчыне, які складаецца з 80 дзетак і падлеткаў і працуе дзякуючы Марыі Панотчык у сярэдняй школе в.Новы Двор.

Спадзяемся, што такая падтрымка дзейнасці клуба дапаможа яго ўдзельнікам лепш пазнаёміцца з прыгожым і разнастайным светам нашых птушак і пакліча ў лес ці навакольныя палеткі каб убачыць некаторыя віды ў прыродзе. Справа ў тым, што актыўная дзейнасць гэтага клуба ўжо неаднаразова ўзнагароджвалася на канферэнцыях Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ і біноклямі, і фотаапаратам. Так атрымалася, што гэтай вясною фотавыстава вандруе ў школах, якія знаходзяцца паблізу тэрыторый, важных для птушак (ТВП). Спачатку яна выстаўлялася ў Бераставіцы (недалёка ад ТВП “Гарадзенская Свіслач”), а цяпер у Свіслацкім раёне (недалёка ад ТВП “Балота Дзікое” і ТВП “Белавеская пушча”). Дзякуем адміністрацыі Новадворскай сярэдняй школы і асабіста Марыі Панотчык, а таксама сябрам АПБ Мікалаю Гулінскаму і Дзьмітрыю Ракіцкаму за дапамогу ў арганізацыі перамяшчэння фотавыставы з Бераставіцы ў школы Свіслацкага раёну.   Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі, фота аўтара