Марскія птушкі з узбярэжжаў Шатландыі знікаюць у непакоячым тэмпе

Новая справаздача сцвярджае, што паміж 2000 і 2008 гг. колькасць марскіх птушак тут зменшылася ў сярэднім на 19%.
Прадстаўнік адной з арганізацый, якая рыхтавала справаздачу, праф. Колін Гэлбрэйф (Colin Galbraith) са Scottish Natural Heritage (SNH) амаль пэўна галоўнай прычынай гэтай негатыўнай тэндэнцыі лічыць недахоп ежы з-за моцнага змяншэння колькасці дробных відаў рыбы, найперш пясчанак (Ammodytes spp.).
SNH сцяврджае, што хутчэй за ўсё на рыбу падзейнічала падвышэнне тэмпературы марской вады. Ў сваю чаргу меншая колькасць даступнай для птушак рыбы прывяла з года ў год да меншай колькасці дарослых птушак, якія змаглі выжыць. Адначасова паднялося на крыло недастатковая колькасць птушанят каб, хаця б замяніць памерлых дарослых птушак.


Змяншэнне колькасці птушак было большым на узбярэжжах Паўночных выспаў (Northern Isles) і меншым на ўсходнім узбярэжжы Шатландыі. Аддзяленне Каралеўскага таварыства абароны птушак у Шатландыі (RSPB Scotland) ужо пракамэнтавала справаздачу “як глыбока непакоячую”.
Праф. Гэлбрэйф пракаментаваў сытуацыю наступным чынам: “Хаця заўсёды непрыемна быць сведкай падзення колькасці [дзікіх птушак], мы не былі надта здзіўленыя адзначанай тэндэнцыяй. Пасля некалькіх дэкад, калі ў папуляцыях марскіх відаў птушак адбывалася павелічэнне, цяпер мы адзначаем перыяд спаду. Ключавой прычынай мусіць быць недахоп ежы, надвор’е і драпежніцтва. Важна тое, што цяпер мы можам нашмат больш эфектыўна маніторыць стан марскіх птушак каб выпрацоўваць палітыку для зменаў у лепшы бок і адпаведна дзейнічаць.”
Калі ж параўнаць сытуацыю ў Шатландыі з сярэдзінай 1980-х, адзначана на 26% менш палярных крычак (Sterna paradisea),  на 55% менш трохпалых чаек (Rissa tridactyla) і нават на 71% менш караткахвостых паморнікаў (Stercorarius parasiticus).
Па сведчанню Дэрыка Шау (Deryk Shaw), назіральніка з Птушынай абсерваторыі на востраве Fair, “колькасць гняздуючых трохпалых чаек падае на працягу многіх гадоў, аднак калі мы параўнаем мінулы, 2008 год, нават з 2005, поўны ўлік на востраве паказаў, што заселеных гнёзд стала менш на палову”.
Калі справы будуць працягвацца такім жа чынам і ў наступныя 10 год, многія птушыныя базары на ўзбярэжжах Шатландыі проста знікнуць. 

Здымак трохпалых чаек RSPB.
 Паводле www.news.bbc.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.BirdWatch.by

Гл. таксама Кукаванне зязюлі ўсё радзей можна пачуць у Вялікабрытаніі