Паспяховы працяг грандыёзнага праекту па ўзнаўленні прыродных экасістэм на востраве Мана

Грант ад Фонда Супольнасці BirdLife International дапамагае ўзнавіць папуляцыю пагражаемага прыбярэжнага зуйка Thinornis novaeseelandiae на востраве Мана недалёка ад заходняга ўзбярэжжа сталіцы Новай Зеландыі – Веллігтона. Першыя індыкатары поспеху ўжо былі адзначаны. Адна пара з 41 маладых птушак, выпушчаных на востраў у 2007г., выгадавала птушаняў у 2008г., яшчэ 5 маладых кулічкоў выляцела з гнёздаў на востраве сёлета. Цікава, што першае птушанё вывялося ў адналетніх бацькоў, хаця звычайна зуйкі пачынаюць гнездаваць у двухгадовым узросце. 

Да гэтага адзіная пазасталая прыродная папуляцыя віду гнездавала на востраве Rangatira у архіпелаге Chatham. Некалі прыбярэжны зуёк быў шырока распаўсюджаны уздоўж узбярэжжаў Паўднёвага вострава Новай Зеландыі, але ў большасці месцаў знік да 1870-х гг.. Цяпер яго сусветная папуляцыя налічвае не больш 250 птушак, пры чым яны жывуць на тэрыторыі плошчай толькі каля 4 km2.
Рэінтрадукцыя на востраў Maнa - самая позняя спроба з серыі перасяленняў кулічкоў. Дзесяць пар пастаянна трымаюць у вальерах у цэнтры Pukaha Mount Bruce National Wildlife Centre на востраве Wairarapa. Маладыя птушкі, выведзеныя там, па дасягненні здольнасці лятаць адразу выпускаюцца на вольныя ад драпежнікаў вастравы.
Супольнасць мясцовых недзяржаўных арганізацый (НДА) фінансуе і забяспечвае пяцігадовы праект па перасяленні кулічкоў. Апошні грант ад Фонда Супольнасці BirdLife International разам з мясцовымі ахвярадаўцамі і даходамі ад спецыяльнага аўкцыёну твораў мастацтва, які правялі ў мінулым годзе ў Лондане новазеландзкія дзяржаўныя ўстановы, дазваляе паспяхова ажжыццяўляць маніторынг за пераселенымі птушкамі. 
“Моцныя ўражанні атрымліваюць бёдуотчары, бо могуць назіраць адну з самых рэдкіх птушак Свету амаль адразу, як сыйдуць з лодкі на бераг. Цяжка ўявіць, што дарога ад Веллінгтона сюды займае толькі 30-40 хвілін” – сказаў Колін Райдэр (Colin Ryder), чалец рэгіянальнай Рады таварыства Forest & Bird (BirdLife у Новай Зеландыі).

Паводле www.birdlife.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.BirdWatch.by