Салавей амаль знік у Вялікабрытаніі

Трыццацігадовы маніторынг папуляцый лясных відаў птушак у Вялікабрытаніі паказаў, што колькасць большасці з іх зменшылася больш чым на 50%.
Яшчэ 17 відаў птушак з іншых экасістэм таксама значна зменшылі сваю колькасць – большасць з іх зімуе ў трапічных раёнах Заходняй Афрыцы, дзе месцы іх зімоўкі пачынаюць дэградаваць.
Колькасць шпакоў, канаплянак, гілёў і пячуравак-будаўнічкоў літаральна абвалілася, тады як адзначаны 12 відаў (сярод іх чорнагаловая леска, сарока, кольчатая туркаўка), якія павялічылі сваю колькасць за гэты час.


Дадзеныя і трэнды папуляцый для 49 відаў птушак былі атрыманы Брытанскім орніталагічным трастам (British Trust for Ornithology's (BTO)) пад час Маніторынгу звычайных відаў птушак (Common Bird Census) у 1969-1999гг, аднак да гэтага моманту не абвяшчаліся грамадзкасці.

Віды-“лузеры”:
Заходні салавей – зменшыў колькасць на 95%
Звычайны шпак –91%
Канаплянка -89%
Звычайная чачотка -85%
Пярэстая валасяніца -83%
Малы дзяцел -82%
Шэрая леска -81%
Бурагаловая сініца -77%
Звычайная стрынатка -77%
Звычайная туркаўка -76%

Лясны свірстун -75%
Слонка -70%
Сівая сініца -68%
Зязюля -63%
Звычайная завірушка -57%
Пячураўка будаўнічок -52%
Дрозд-спявун -47%
Гіль -39%
І хаця апошнія дадзеныя былі атрыманы яшчэ 10 год таму, маніторынг застаецца самым працяглым і самым сучасным зрэзам трэндаў птушыных папуляцый лясоў у Еўропе.
Падзенне колькасці 17 відаў адзначана як мінімум з 1967 году, тады як для 12 відаў тэндэнцыі дадатныя – іх колькасць значна павялічылася.
З такіх лясных птушак можна пералічыць кольчатую туркаўку (павелічэнне колькасці на 1052%), клінтуха (на 359%), вялікі голуб (на 344%).

Віды-“пераможцы”:
Кольчатая туркаўка: павялічыла колькасць на 1052%
Клінтух: +359%
Вялікі голуб: +344%
Каўка: +311%
Сарока: +292%
Папаўзень: +226%
Зялёная жаўна: +180%
Чорная варона: +180%
Чорнагаловая леска: +161%
Крапіўнік: +139%
Малінаўка: +138%
Вялікая сініца: +129%
"Выкарыстоўваючы такія доўгатэрміновыя маніторынгавыя дадзеныя мы можам лепш зразумець больш сучасныя дадзеныя і трэнды" - сказаў Крыс Хьюсон (Chris Hewson) з BTO, які разам з калегай Дэвідам Ноўблам (David Noble) апублікаваў дадзеныя маніторынгу ў часопісе Ibis.
"Напрыклад, шмат розгаласу атрымала апошнее ўключенне ў Чырвоны спіс /рэдкіх і знікаючых відаў/ зязюлі. (падрабязней пра гэта гл. на нашым сайце: http://birdwatch.by/news/345) Аднак не менш харызматычны і яшчэ больш пагражаемы від., які не трапіў у спіс – салавей.  Ён практычна знік з нашых лясоў – за даследаванае 30ці годдзе яго колькасць зменшылася на 95%. Гэта больш, чым для любога іншага віду, для якога збіраліся дадзеныя, і значна больш у параўнанні са змяншэннем колькасці зязюлі (63%)”.
Хьюсон дадаў, што ведаючы гэтыя доўгатэрміновыя непакоячыя тэндэнцыі, салаўя таксама трэба было занесці ў Чырвоны спіс.
"Некаторыя нешматлікія гняздуючыя віды, такія як малы дзяцел, чачотка, бурагаловая сініца і таўстадзюб знікаюць фактычна па невядомых для нас прычынах." – дадаў Хьюсон. "Аднак як мінімум для некаторых відаў як пра асноўную прычыну іх знікнення можна ўпэўнена казаць пра неадпаведны лясны менэджмэнт, магчыма таксама, што сваё негатыўнае ўздзеянне аказала выбуховае павелічэнне колькасці аленяў у некаторых частках краіны.”
Даступнасць для птушак ежы тлумачыць іншыя адзначаныя тэндэнцыі. Напрыклад, колькасць кольчатых туркавак, клінтухаў і вялікіх галубоў рэзка ўзрасла з-за павелічэння плошчы азімых, якія забяспечваюць ім харчаванне ўзімку. У супрацлегласць ім, канаплянкі і звычайныя туркаўкі знікаюць з-за недахопу адпаведнага для іх насення летам.
Змены ў наваколлі па-за межамі Вялікабрытаніі таксама аказаваюць значны ўплыў на птушак, асабліва мігрантаў, якія зімуюць у Афрыцы.
"Атрыманыя вынікі паказваюць агульную тэндэнцыю змяншэнне мігрантаў. Аднак на працягу 32 гадоў даследавання карціна для розных відаў змянялася.” – працягвае Хьюсон.
На пры канцы 1960х і пачатку 1970х такія віды як шэрая леска і рудахвостка, якія зімуюць у засушлівай зоне Сахель адразу на поўдзень ад Сахары змяншалі колькасць з-за таго, што пустыня павялічвала сваю плошчу і рабіла больш сухімі суседнія рэгіёны. Цяпер жа ўзровень асадкаў у раёнах іх зімоўкі вярнуўўся на належны ўзровень, і гэтыя віды стаблізіравалі сваю колькасць.
"Бліжэй да канца 1990х гг. Мы адзначылі тэндэнцыю змяншэння колькасці ў відаў, якія зімуюць значна далей на поўдзень /ад Сахары/ ў тропіках Заходняй Афрыкі." І больш свежыя дадзеныя, атрыманыя ўжо ў нашым стагоддзі, пацверджваюць адзначаную тады тэндэнцыю: ўсе лясныя віды, якія праводзяць зіму ў Заходняй Афрыцы, працягваюць знікаць. 
 
"Гэта прымушае нас мяркаваць, што негатыўныя для іх прычыны знаходзяцца ў Заходняй Афрыцы, хутчэй за ўсё з-за інтэнсіфікацыі там сельскай гаспадаркі ды іншага выкарыстання зямлі, якое вядзе да дэградацыі натуральных біятопаў.”
BTO цяпер пачало вялікую даследчую праграму па вывучэнню гэтых мігрантаў, пад назвай Out of Africa у спробе знайсці грошы для гэтага.
У кастрычніку плануецца распачаць палявыя праекты ў Гане і Буркіна Фасо разам з Каралеўскім таварыствам абароны птушак  (RSPB).
Таксама BTO супрацоўнічае разам з іншымі арганізацыямі ў пан-еўрапейскім праекце па спадарожнікаваму сляжэнню міграцый салаўёў з дапамогай спадарожнікавых GPS-перадатчыкаў, каб даведацца больш дзе брытанскія салаўі праводзяць зіму.
"Спадзяемся, што гэтае даследаванне дазволіць нам вызначыць якія змены адбыліся ў Афрыцы, што яны змаглі выклікаць такое змяншэнне колькасці птушак. Было б добра і знайсці і прапанаваць адпаведныя захады якія б задаволілі і птушак, і мясцовых людзей”.

На здымку – заходні салавей.
Паводле www.news.bbc.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.BirdWatch.by