У Польшчы будзе можна больш эфектыўна вынішчаць жывёл-інтрадуцэнтаў?

Міністэрства аховы прыроды Польшчы рыхтyе новы закон, які тычыцца чужых для польскай прыроды відаў-інтрадуцэнтаў. Тэрміны і тэрыторыі, на якіх будзе дазволена паляванне на янотападобнага сабаку, янота-паласкуна ды амерыканскую норку будуць падоўжаны і пашыраны, што, канешне, паўплывае на папуляцыі дзікіх птушак. 
Новыя правілы плануюць падоўжыць на месяц тэрміны палявання на гэтыя віды драпежнікаў-інтрадуцэнтаў, адначасова плануецца дазволіць паляўнічым здабываць апошніх на працягу ўсяго году не толькі там, дзе гняздуюць цецярукі і глушцы, але і там, дзе на працягу апошніх дзвюх гадоў рассялялі зайца-русака, бажанта /цікава, што гэта таксама від-інтрадуцэнт! – ДзВ/ і курапатку. Будзе дазволена выкарыстоўваць і жывалоўныя лавушкі для вышэйпералічаных інтрадуцэнтаў.
 

Падтрымліваючы праект міністэрства агульна, Кракаўскі інстытут аховы прыроды (IOP), між іншым, дадае і cвае прапановы:
"Плануемыя змены без сумненняў будуць важным крокам да абмежавання росту колькасці папуляцый інвазійных відаў-інтрадуцэнтаў драпежных звяроў у нашай краіне. Аднак Інстытут лічыць, што эфектыўнасць плануемых мер былы б большай, калі б паляўнічыя маглі паляваць на іх круглы год на тэрыторыі ўсёй Польшчы.”


Таксама Інстытут просіць далучыць да Спісу паляўнічых відаў канадскую казарку (Branta canadensis) і нільскую гусь (Alopochen aegyptiacus).
"Канадзкая казарка прызнаецца за адзін са ста самых небяспечных відаў-інтрадуцэнтаў у Еўропе. Пастаянна пашырае свой гнездавы арэал, канкуруючы з еўрапейскімі відамі гусей і нават перакрыжоўваючыся з імі (асабліва з шэрай гусьсю Anser anser). У Польшчы на працягу апошніх некалькіх гадоў штогод назіраецца вялікая колькасць зімуючых канадзкіх казарак, асабліва ў заліве Віслянскім. Частка гэтых птушак – гэта асобнікі, збеглыя з заалагічных паркаў, а таксама з усё больш папулярнай прыватнай гадоўлі. Ў 2005г. у Гданьску быў зарэгістраваны першы паспяховы выпадак гнездавання віду, ў 2007г. у розных раёнах Гданьска гнездавала ўжо 5 казарак. Не гледзячы на адлоў птушак, не атрымалася пазбегнуць далейшага гнездавання віду  - ў 2008г. адзначана спроба  гнездавання ў Хойніцкім павеце на воз. Соміньскім, тым больш небяспечная, бо хутчэй за ўсё прадпрынятая з шэрай гусьсю (Komisja Faunistyczna SO PTZool.). Гэтыя факты пацверджваюць, што ў нашай краіне працягваецца хуткая інвазія віду, якая пры адсутнасці кантролю над яго колькасцю можа прывезці да паважнай пагрозы абарыгенным відам птушак.
 

Паводле справаздач Komisji Faunistycznej PTZool., калі да 2006г. агульна было зроблена толькі некалькі рэгістрацый нільскай гусі, то толькі ў 2007г. было 4 рэгістрацыі віду, і сярод іх – першы паспяховы выпадак гнездавання. Ў 2008г. наступіў лавінападобны ўзрост рэгістрацый – іх было як мінімум 38. Адначасова было адзначана ўжо 3 гняздуючыя пары. Гэта паказвае, што і ў гэтым выпадку мы маем справу з хуткай інвазіяй чужароднага віду. Ў Германіі, пры памеры гняздуючай папуляцыі ў 2200-2600 пар (Bauer & Woog 2008), нільская гусь прызнаная самым хутка распаўсюджваючымся відам чужародных /дзікіх/ птушак. … Дазвол на паляванне на гэты від мог бы дапамагчы запаволіць тэмпы павелічэння папуляцыі ў Польшчы.” 


Цалкам прапановы Інстытуту можна прачытаць на сайце IOP


Паводле www.birdwatching.pl падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.BirdWatch.by
Здымак канадзкіх казарак Дзьмітрыя Вінчэўскага (зроблены ў Вялікабрытаніі)