Не – энергіі коштам жыцця птушак

    Шатландзкае прадстаўніцтва Каралеўскага таварыства абароны птушак (RSPB Scotland) заявіла афіцыйны пратэст супраць планаў пабудовы найвялікшай на тэрыторыі Шатландыі “фермы ветракоў” на Шэтландзкіх астравах.
Супольны праект кампаній The Viking Energy, Scottish і Southern Energy, а таксама уладаў вострава разлічаны на штогадовы прыбытак у памеры каля 37 мільёнаў фунтаў, на стварэнне шматлікіх месцаў працы дзякуючы пабудове і эксплуатацыі 150 ветраных турбін. 

    Цяпер RSPB Scotland дадало свой голас да пратэстаў мясцовай грамадзкасці супраць маштабнага будаўніцтва з-за магчымых негатыўных наступстваў для птушак. Сярод розных відаў птушак, якія могуць адказаць на будаўніцтва значным змяншэннем сваёй папуляцыі – залацістая сеўка.
     Ллойд Осцін (Lloyd Austin), дырэктар па пытаннях аховы прыроды RSPB Scotland у сувязі з гэтым заявіў: "Мы вельмі цэнім папярэднія кансультацыі па дызайну /праектаваных турбін/ з кампаніямі-праектыроўшчыкамі і іх імкненне пазбегнуць будаўніцтва на ахоўваемых тэрыторыях. Аднак пасля аналізу поўных дадзеных пра плануемае /будаўніцтва/ мы ўпэўнены, што яно закране шматлікія віды птушак. Тым не менш, мы гатовы перагледзець сваю пазіцыю, калі спрэчныя пытанні будуць паспяхова развязаныя”.
     John Muir Trust – арганізацыя па захаванню прыроднай і культурнай спадчыны астравоў, таксама заклікала мясцовых жыхароў пратэставаць супраць будаўніцтва. Ў сваёй афіцыйнай заяве трэст піша, што “ветраная ферма” значна закране каля адной пятай паверхні астравоў і назаўсёды зменіць іх выгляд. Бо ветракі будуць бачныя на адлегласці нават да 15 км. Пабудовы будуць дамінаваць над бязлесай паверхняй астравоў і фактычна знішчаць мясцовыя ландшафты. Трэст заклікаў прыкласці больш намаганняў для эканоміі энергіі, а не думаць толькі пра яе выпрацоўку.
На канец ліпеня больш за тры з паловай тысячы жыхароў Шэтландаў паставілі свае подпісы супраць будаўніцтва ветракоў.

Паводле www.news.bbc.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.BirdWatch.by