Птушкі вяртаюцца на Мальту

    Гэты сезон гнездавання птушак стаў выключным для Мальты. Пра гэта паведамляе новая справаздача арганізацыі BirdLife Malta.
    Дзевяць рэдкіх відаў птушак (якія ёсць звычайнымі для іншых краін рэгіёну) павялічылі сваё распаўсюджанне на Мальтыйскіх астравах у параўнанні з мінулым годам. Яшчэ чатыры віды, якіх не адзначалі на гнездаванні ў 2008г.,  зарэгістраваны на гнездаванні сёлета.

    Найбольш цікавымі ўяўляюцца 2 гняздуючыя пары сокала-пустальгі, адзначаныя ўпершыню за апошнія 15 год, а таксама зусім новы від для Мальты -  бледны свіргуль (Apus pallidus). Ўпершыню за апошнія амаль 100 год зноў адзначана на гнездаванні горная пліска. А звычайная зязюля ў якасці гняздуючай птушкі зарэгістраваная на востраве толькі ў чацвёрты раз.
    BirdLife лічыць галоўнай заслугай у з’яўленні новых для Мальты гняздуючых відаў забарону на вясновае паляванне, якой сёлета споўнілася 2 гады. Менавіта адсутнасць або значнае змяншэнне турбавання птушак чалавекам у пачатку гнездавога сезону з’явілася асноўнай прычынай магчымасці гэтых цікавых назіранняў.
“І хаця браканьерскі адстрэл птушак усё яшчэ шырока распаўсюджаны пад час вясновай міграцыі галоўным чынам на поўдні вострава, аднак параўнаць інтэнсіўнасць адстрэлу птушак раней і цяпер немагчыма. Але новай праблемай стала нелегальнае паляванне на птушак пасля адкрыцця легальнага палявання на дзікіх трусікаў, якое пачынаецца 1 чэрвеня”. – сказаў д-р Андрэ Рэйнэ (Dr Andre Raine) з BirdLife Malta.
    Канстанцін Крэйзэр (Konstantin Kreiser), менэджэр еўрапейскага аддзялення BirdLife па палітыцы Еўразвязу так пракаментаваў справаздачу: ”Прыемна ведаць, што гэтыя птушкі вяртаюцца на Мальту, таму што ў большасці іншых краін гэтыя віды не належаць да рэдкіх. Гэта вялікі BirdLife і Дырэктывы ЕЗ па дзікіх птушках, якую Мальта ў рэшце была прымушана выконваць”.

На здымку Дзьмітрыя Якубовіча – звычайная зязюля
Паводле www.birdlife.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.BirdWatch.by