Загадкавы “ліверпульскі голуб” аказаўся крэўным дронта

 Адзіны пазасталы для навукі асобнік т. зв. “ліверпульскага голуба” ў выглядзе старай скуркі дзякуючы аналізу ДНК не толькі аказаўся асобным відам, але і крэўным дронта.

Плямісты зялёны голуб (Caloenas maculata) мае іншую і не менш папулярную назву “ліверпульскага”, бо пасля з’яўлення ў калекцыі Сусветнага музею ў Ліверпулі (World Museum, Liverpool) у 1851 годзе ніколі не змяняў свайго месца знаходжання. 

Гэтая скурка ніколі не мела месца здабычы на этыкетцы, аднак можа паходзіць з прыватных збораў двух тагачасных калекцыянераў: лорда Джозэфа Бэнкса (Sir Joseph Banks) і генерала Дэвіса (General Davies), прычым абодва спецыялізаваліся на зборах птушак Акіяніі. Цяпер магчымае паходжанне загадкавага голуба з гэтага рэгіёну атрымала больш моцнае пацверджанне дзякуючы аналізу, праведзенаму над генетычнай інфармацыяй птушкі адмысловай лабараторыяй “старажытных ДНК” з універсітэту Griffith, Queensland (Аўстралія). 

 

Так уяўляў сабе "ліверпульскага голуба" Joseph Smit (малюнак 1898 г). З www.wikimedia.org

Навукоўцы даказалі доўга падазраванае пакрывенства віда з нікабарскім голубам (Caloenas nicobarica), а гэтыя абодва віды былі блізкія да продкавай формы, ад якой таксама адгалінаваліся знакаміты вымерлы маўрыкійскі дронт і менш вядомы, але таксама вымерлы ў гістарычны час дронт з вострава Радрыгес. 

У больш шырокім сэнсе гэтая старажытная трыба галубоў уключае таксама венцэноснага голуба з Новай Гвінеі і амаль вымерлага зубападобнага голуба з Самоа. Відавочна, што менавіта прадстаўнікі гэтай трыбы засялілі ў дагістарычны час астравы Індыйскага і паўднёва-заходняй часткі Ціхага акіяну. 

 

Тры невялікіх кавалкі для аналізу ДНК былі ўзятыя ў якасці тонкіх зрэзаў з двух пёраў калекцыйнай скуркі і потым параўнаныя з ДНК магчымых крэўных. Новая тэхналогія аналізу частак старажытных ДНК дазваляе выкарыстоўваць нават яе фрагменты для цалкам навуковых параўнанняў і ўяўляецца шматабяцальнай для шырокага выкарыстання ўжо ў бліжэйшай будучыні. 

 

Бліжэйшы крэўны “ліверпульскага голуба”, нікабарскі голуб, адносіццца да таго ж роду і жыве на некалькіх інданезійскіх астравах. Параўнальна невялікія генетычныя адрозненні паміж відамі даюць падставу казаць пра тое, што яны мелі адносна непрацяглую гісторыю асобнага развіцця. Таму, хутчэй за ўсё, вымерлы голуб таксама насяляў нейкія астравы Інданезійскага архіпелагу. 

 

З-за таго, што другая калекцыйная скурка “ліверпульскага голуба” была страчаная разам з дадзенымі на этыкетцы, многія навукоўцы да апошняга часу сумняваліся ў тым, што птушка сапраўды была асобным відам. Цяпер, калі сумневаў у статусе голуба не засталося, ён можа па праву папоўніць вялікі і сумны спіс птушак, якія зніклі ужо ў гістарычны час з-за непасрэднай або апасрэдаванай віны чалавека. 

 

 

Крыніца: Heupink, T H, van Grouw, H, and Lambert, D M. 2014. The mysterious Spotted Green Pigeon and its relation to the Dodo and its kindred. BMC Evolutionary Biology 14: 136. 

 

Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак скуркі з www.blogs.biomedcentral.com

 

На гэтую тэму:

З дапамогай генетыкаў знайшлі крэўных вандроўнага голуба

Зубадзюбы голуб з Самоа адзначаны ўпершыню за дзесяцігоддзе

 

АПОШНЯЯ НАДЗЕЯ ДЛЯ КУЗЭНА ДРОНТА

 БЛІЖЭЙШЫЯ КРЭЎНЫЯ КІВІ ЗНОЙДЗЕНЫ НА… МАДАГАСКАРЫ

Тэмпы знікнення птушак паскараюцца

 

Яшчэ адзін від птушак знік у дзікай прыродзе?