Шкарлупінне яек таксама рэгулюе колькасць ультрафіялету для эмбрыёнаў

 Пасля даследавання шкарлупіння яек 75 відаў птушак, навукоўцы знайшлі, што колькасць і характар пігментацыі яек, а таксама таўшчыня шкарлупіння залежаць ад ладу жыцця птушак і дазваляюць пранікнуць унутр яйка такой колькасці сонечнага святла, якая патрэбна для нармальнага развіцця эмбрыёна. 

"Эмбрыёнам патрэбны ультрафіялет для развіцця – калі яго замала, нармальнага развіцця не атрымаецца, калі замнога – промні сонца наробяць шкоды” – сказаў д-р Стывен Португал (Dr Steven Portugal) з універсітэту Лондана (Вялікабрытанія). 

"Тыя віды птушак, гнёзды якіх адкрыты для сонца, ці тыя, якія маюць доўгі перыяд інкубацыі, маюць моцна пігментаваныя яйкі, якія прапускаюць меншую колькасць святла і папярэджваюць пашкоджанне эмбрыёнаў ультрафіялетавай часткай сонечнага спектру”. 

Вынікі даследавання былі апублікаваныя он-лайн у часопісе Functional Ecology.

Афарбоўка яек птушак вельмі разнастайная і залежыць ад колькасці і віду пігментаў, якія адкладваюцца ў шкарлупінні перад іх адкладкай. Так, напрыклад, блакітны колер забяспечвае пігмент білівердзін (biliverdin), цёмныя колеры ўтвараюцца дзякуючы пігменту протапарфірыну (protoporphyrin).

Белыя яйкі маюць звычайна тыя віды, якія гняздуюць у дуплах, норах ці нішах. Такое неафарбаванае шкарлупінне дазваляе пранікаць унутр яйкаў большай колькасці святла, якое моцна абмежаванае ў такіх месцах. 

Акрамя гэтых агульных заканамернасцяў, аказалася, што ў відаў з доўгай інкубацыяй, акрамя пігментаў на паверхні шкарлупіння, яно таксама таўсцейшае.

Каб праверыць магчымую сувязь шкарлупіння з кантролем пранікнення ультрафіялету ўнутр яйка, даследчыкі з дапамогай спектрафатометра мералі колькасць і спектр святла, якое прапускалі праз шкарлупінне адрэзаных паловаў яек.

Ранейшыя даследаванні ўжо паказалі адаптыўны сэнс афарбоўкі ці яе адсутнасці для яек розных відаў: яна можа быць як камуфляжнай, так і захоўвае яйкі перад пранікненнем хваробатворчых мікраарганізмаў. 

Д-р Португал дадае: "Шкарлупінне яек – комплексная структура, якая нашмат больш складаная і шматфункцыянальная, чым падаецца многім людзям”. 

Паводле www.bbc.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі 

Яйкі шэрага жураўля маюць камуфляжную афарбоўку - фота Мікалая Чэркаса