У Швецыі трусоў-інтрадуцэнтаў выкарыстоўваюць як біяпаліва

 Лакальная газэта паведаміла, што тысячы забітых дзікіх трусікаў спальвае адна з ТЭЦ у цэнтральнай Швецыі.Такім чынам Стакгольм змагаецца са знішчэннямі, да якіх прыводзіць гэты інтрадуцэнт у мясцовых парках і іншых зялёных зонах. Дзікія трусікі ніколі не былі абарыгеннымі для Швецыі жывёламі, і, хутчэй за ўсё, гэта шматлікія патомкі збеглых або адмыслова выпушчаных у прыроду былых хатніх гадаванцаў.

   З-за таго, што ў горадзе ў іх няма прыродных драпежнікаў, адміністрацыя Стакгольма запрасіла на працу паляўнічых, якія адстрэльваюць трусоў. Адзін з паляўнічых, Томі Тувунгер (Tommy Tuvunger), распавёў карэспандэнту нямецкага часопісу Spiegel, што ў мінулым годзе атрымалася забіць 6000 трусоў, яшчэ 3000 – сёлета.
"Забітых трусоў мы замарожваем, а калі лядоўня поўная, прыязджае прадстаўнік адмысловай кампаніі і забірае іх”. Замарожаныя трусікі трапляюць на ТЭЦ у Karlskoga, цяпло з якой ідзе на ацяпленне дамоў.
Лео Вірта (Leo Virta), выканаўчы дырэктар кампаніі Konvex, якая збірае і прывозіць тушкі трусоў на ТЭЦ, распавёў, што дзякуючы адмысловаму праекту Biomal, які рэалізуецца за грошы Еўразвязу, атрымалася выпрацаваць новую тэхналогію знішчэння адходаў жывёльнага паходжання.
    "Гэта – добрая сістэма, якая вырашае праблему адыходаў такога паходжання і забяспечвае выпрацоўку цяпла.”
Аднак адносіны да такога шляху барацьбы з інтрадуцэнтамі ў жыхароў Швэцыі падзяліліся. Джэймс Саваж (James Savage), рэдактар стакгольмскай газэты, сказаў наступнае: "У горадзе, дзе знаходзіцца ТЭЦ, адносіны мясцовых жыхароў да гэтага спакойныя. Аднак у Стакгольме многія адносяцца да трусікаў /толькі/ як да прыгожых жывёлінак. Некаторыя людзі, асабліва некаторыя актывісты абароны правоў жывёлаў выказваюць меркаванне, што гэта неадпаведнае трактаванне трусікаў”.

Некалі яшчэ рымскія легіянеры завезлі дзікіх трусікаў з Паўночнай Афрыкі ў Вялікабрытанію. Цяпер яны там адчуваюць сябе не горш, чым на былой Радзіме. 

Паводле www.news.bbc.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі 


Даведка:
Інтрадукаваныя віды
Менавіта выпадковы ці наўмысны выпуск чужародных відаў і іх далейшае распаўсюджанне адказныя цалкам або часткова за знікненне большасці відаў птушак і іншых жывёл з 1800 году. Можна нават сцвярджаць, што большасць зніклых насельнікаў астравоў была страчана з-за таго, што не паспявала выпрацаваць натуральныя механізмы абароны ад завезеных людзьмі канкурэнтаў або драпежнікаў.
Калі людзі перасяляюць расліны ці жывёлаў на тэрыторыі, дзе яны да таго не жылі, гэта можа прывесці да катастрофы праз парушэнне далікатнага балансу харчовых сетак і паставіць пад пагрозу існаванне цэлых экасістэм. Такія віды называюцца чужароднымі (інтрадуцэнтамі), іх выпуск на новых месцах называецца інтрадукцыяй, а іх хуткае размнажэнне і распаўсюджанне на новай тэрыторыі называюць інвазіяй. І калі першае адносіцца выключна да дзеянняў (спецыяльных або выпадковых) чалавека, інвазіі раслін і жывёл бываюць выкліканы і натуральнымі прычынамі.
Першыя інтрадукцыі вядомыя ўжо з часоў старажытнага Егіпту, калі розныя віды рыбаў перавозіліся ў вадаёмы, далёкія ад іх сапраўдных месцаў пражывання.
Адным з першых выпадкаў інтрадукцыі, які скончыўся сапраўднай экалагічнай катастрофай, быў у 1513 годзе завоз і свядомы выпуск партугальцамі коз на востраў Святой Гелены. Адбылося гэта праз 11 гадоў, як востраў быў адкрыты людзьмі.
Козы вельмі хутка размножыліся і стварылі тысячныя статкі. Некалі зялёны, лясісты востраў за 50 гадоў ператварыўся ў мёртвы краявід з голымі горнымі схіламі і апустыненымі тэрыторыямі. Ў наступныя гады на востраў завозілі новыя віды раслінаў і жывёлаў каб хоць знешне узнавіць яго выгляд.
Следам за мясцовымі відамі раслін знікла амаль уся мясцовая фауна. З васьмі відаў птушак-эндэмікаў (якія не сустракаліся больш нідзе на Зямлі), зніклі сем.
Адзіная пазасталая мясцовая птушка-эндэмік – зуёк са Св.Гелены – дагэтуль мае статус віду, які знаходзіцца пад крытычнай пагрозай знікнення. Бадзяжныя каты і завезеныя на востраў індыйскія майны з’ядаюць яйкі і птушанят гэтых невялікіх кулічкоў.
У наш час чужародныя віды ёсць другой па значнасці пагрозай біяразнастайнасці нашай планеты пасля разрушэння месцаў пражывання.


Віна інтрадуцэнтаў
Сёння 25%, ці 298 відаў птушак, якім пагражае знікненне, пакутуюць ад інтрадукаваных чужародных відаў-драпежнікаў, найперш катоў, пацукоў і мангустаў. Аднак і “мірныя” траваядныя жывёлы ды многія інтрадукаваныя расліны адказныя за сумнае пагражаемае становішча 71 і 69 відаў птушак адпаведна. Яшчэ 72 віды апынуліся на мяжы знікнення з-за канкурэнцыі з інтрадукаванымі відамі, якія займаюць падобную экалагічную нішу.
Інтрадукаваны від кустоўя міконія, які выцесніў натуральную прыродную лясную расліннасць на вялікіх тэрыторыях у Французкай Палінезіі, паставіў пад пагрозу існаванне эндэмічнага віду вераб’іных птушак – таіцянскага манарха. Пазасталыя на астравах лясы, на жаль, у вялікай ступені таксама “забруджаны” інвазійнымі інтрадукаванымі відамі дрэваў, і ў дадатак да гэтага таіцянскі манарх і іншыя мясцовыя віды птушак і жывёл пакутуюць ад драпежніцтва інтрадукаваных пацукоў і канкурэнцыі з боку інтрадукаваных відаў птушак.
Бурая надрэўная змяя, выпадкова завезеная на востраў Гуам, за 10 наступных гадоў цалкам знішчыла там тры мясцовыя віды птушак, якія не сустракаюцца больш нідзе.
На Гавайскіх астравах аж 39 відаў мясцовых птушак трапілі ў спіс жывёл, якім пагражае знікненне. І асноўныя прычыны такога незайздроснага становішча – інвазіі чужародных відаў раслін і жывёл, а таксама знішчэнне прыродных біятопаў. Для параўнання, на тэрыторыі кантынентальных Злучаных Штатаў у Чырвоны спіс 2007 году з падобным статусам трапілі 59 відаў птушак.
Да пачатку 1980-х гадоў савіны папугай, або какапо, застаўся толькі на невялікім востраве Ст’юарта (Новая Зеландыя), дзе каля паловы дарослых птушак штогод забівалі інтрадукаваныя на востраў бадзяжныя каты. 61 пазасталы ў жывых папугай быў адлоўлены і перавезены на іншыя астраўкі, куды інтрадукаваныя драпежнікі не змаглі дабрацца. Ўсе птушкі былі пазначаны радыёперадатчыкамі, для іх выкладалася дадатковае харчаванне, вакол гнёзд адбывалася кругласутачнае назіранне з дапамогай адмысловых відэакамер, успрымаючых інфрачырвоныя хвалі. У выніку амаль праз 20 гадоў папуляцыя стабілізавалася і пачала павольна ўзнаўляцца, а потым і павялічвацца.
 

З кнігі Дз.Вінчэўскі. Пуцявод па законах прыроды разам з птушкамі. Мн.: АПБ, 2008. – 198 с.
Кнігу цалкам можна зпампаваць (файл .pdf, 6,91 Mb) тут: http://nastaunik.info/files/f/320_Puciavod.pdf