Размясці скрыншот і прапануй імя сакалёнку пустальгі

Шосты сезон запар на нашым сайце можна падглядаць 24 гадзіны ў суткі сямейнае жыццё сокала-пустальгі (Falco tinnunculus) - рэдкага ў Беларусі віду птушак. Сёння на гняздзе пачалі вылупляцца птушаняты. Для таго, каб не прапусціць гэтыя важныя моманты ў жыцці пустальгі, мы абвяшчаем конкурс.

Аўтары першых трох скрыншотаў (здымкаў экрану), зробленых для кожнага новага птушаня ў гэтым гняздзе пустальгі ў Брэсце, якія першымі размясцяць іх у якасці каментароў на старонцы он-лайн назіранняў або на нашай старонцы ў ФБ , атрымаюць магчымасць прапанаваць імя для таго малога, скрыншот якога яны зрабілі. Імя павінна быць мілагучным і адпаведным для сокала. Перад кальцаваннем птушак мы правядзем галасаванне за ўсе варыянты імёнаў для сакалят. Самыя папулярныя варыянты і будуць нададзеныя птушанятам.

Пад час кальцавання сакаляты атрымаюць не толькі стандартныя металічныя кольцы, але і адмысловыя пластыкавыя (гл. верхні здымак) з камбінацыяй літары А і лічбамі, а таксама кодам Беларусі BYM. Дзякуючы ім можна будзе адрозніваць птушак з адлегласці без неабходнасці іх адлову.

Першае і кожнае наступнае птушанё павінна быць бачным на здымку экрана (скрыншоце), зробленым пад час трансляцыі. Здымак з акном трансляцыі павінен займаць як мага больш месца на скрыншоце, і быць не менш за 500 і не больш за 700 пікселяў па шырокаму боку – для гэтага варта абрэзаць усё лішняе на зробленым скрыншоце ў графічным рэдактары. Прычым не абразаецца назва сайта з датай і часам на акне трансляцыі зверху.

Як зрабіць скрыншот і ўставіць яго ў каментары пад акном трансляцыі, падрабязна апісана і праілюстравана ТУТ. Нам цікавыя не толькі першыя скрыншоты птушанят, але і іншых цікавых момантаў. Іх аўтары змогуць атрымаць прызы ад нашага сайта.

Посьпехаў і цікавых назіранняў!

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі