ХІІ адкрыты чэмпіянат Беларусі па спартыўнай арніталогіі адбудзецца ў суботу, 5 верасня

 

Запрашаем Вас на чарговую Гонку за птушкамі (Birdrace)! Каб зарэгістраваць сваю каманду, дашліце заяўку з наступнымі звесткамі ў Сакратарыят АПБ да 10.00 пятніцы, 4 верасня на info@ptushki.org з копіяй на Harrier@tut.by :

·         Назва каманды

·         Склад каманды (4 чалавека, колькасць і дакладны ўзрост удзельнікаў, маладзейшых за 18 год – калі яны ёсць)

·         Месца старта

·         Нумар мабільнага тэлефону для сувязі з камандай

З 2011 году гонкі сталі 12-ці гадзіннымі, а з мінулага Правілы зрабілі больш ліберальнымі для ўдзельнікаў: цяпер на прыканцы спаборніцтваш больш не трэба вяртацца на месца старту.

Нагадаем, што афіцыйныя рэкорды належаць фінска-беларускай камандзе Lintu (Птушка), якая ў 2010 годзе пад час 9-ці гадзінных гонак адзначыла 114 відаў птушак і беларускай камандзе “Арлы і стрынаткі”, якая ў 2014 годзе пад час 12-ці гадзінных спаборніцтваў па новых правілах адзначыла 120 відаў.

 

Правілы Адкрытага чэмпіянату Беларусі па спартыўнай арніталогіі

1. У спаборніцтвах удзельнічаюць толькі каманды з 4 чалавек. Не менш паловы чальцоў каманды павінны быць старэйшымі за 18 год. Кожная каманда да 10.00 дня напярэдадні спаборніцтваў паведамляе ў аргкамітэт назву каманды, яе склад, колькасць і дакладны ўзрост удзельнікаў, маладзейшых за 18 год, месца старту і нумар тэлефону для сувязі з камандай. Змены ў складзе каманды або новае месца старту павінны быць паведамлены ў аргкамітэт да пачатку спаборніцтваў. Склад каманды не можа мяняцца пасля пачатку спаборніцтваў.

2. Разам з чальцамі каманды пад час спаборніцтваў могуць знаходзіцца іншыя людзі: кіроўца, журналіст(ы), назіральнік(і). Аднак ніхто, акрамя чальцоў каманды, не можа прымаць удзел у пошуку і/або вызначэнні птушак.  

3.  Спаборніцтвы адбываюцца з 6.00 да 18.00 на працягу 12 гадзін.

4.  Для перасоўвання пад час спаборніцтваў можна выкарыстоўваць любыя траспартныя сродкі.  

5.  Усе чальцы каманды пад час перамяшчэнняў павінны знаходзіцца ў адным транспартным сродку. Калі гэта немагчыма – напрыклад, для каманды на роварах, чальцы каманды павінны знаходзіцца на адлегласці, якая дазваляе галасавы кантакт паміж усімі чальцамі каманды. Пад час спаборніцтваў чальцы каманды павінны знаходзіцца на адлегласці, якая дазваляе галасавы кантакт паміж усімі чальцамі каманды. 

6.  Перамагае каманда, якая з 6.00 да 18.00 зарэгіструе ў дзень правядзення спаборніцтваў найбольшую колькасць відаў дзікіх птушак у прыродных умовах на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. 

7.  Улічваюцца толькі тыя віды, якія ўбачылі або пачулі ўсе чальцы каманды. Від, вызначаны па голасу, пазначаецца ў спісе скрыпічным ключом. Забараняецца спецыяльна палохаць птушак ці рабіць іншыя дзеянні, каб ускладніць або зрабіць немагчымым назіранне птушак іншай камандзе. 

8. Аб рэгістрацыі дваццатага віду і кожнага наступнага дзесятага каманды па мабільнаму тэлефону паведамляюць у аргкамітэт у наступным парадку: каманда, нумар віду і яго назва. 

9. Aргкамітэт можа абвесціць пункт фінішу для нейкага рэгіёну.

10. Нельга выкарыстоўваць запісы галасоў птушак, сеткі або любые іншыя прыстасаванні, акрамя бінокляў, труб, транспарту і вызначальнікаў.

11. Да 18.00  усе каманды павінны паведаміць у аргкамітэт колькасць зарэгістраваных відаў, што можна зрабіць любым зручным спосабам, напрыклад, смс. За кожные 5 хвілін спазнення са спісу каманды здымаецца адзін від.  Да 18.45 у аргкамітэт трэба перадаць поўны спіс відаў з пазнакай вадаёму, населенага пункту або ўрочышча, дзе зарэгістраваны кожны від і колькасць асобін, адзначаных у час, калі від сустрэты ўпершыню. Ў аргкамітэт перадаюцца палявыя запісы, а не чыставік. Спіс птушак павінен весціся ў сістэматычным або храналагічным парадку на беларускай, рускай або лацінскай мове. Спіс можна перадаць па факсу, а адсканаваны або сфатаграфаваны – па электроннай пошце. 

12. Пасля правядзення Чэмпіянату Журы вызначае каманду-пераможцу і месцы іншых каманд, пра што аргкамітэт паведамляе усім камандам на застаўленыя імі нумары тэлефонаў. У выпадку аднолькавай колькасці адзначаных відаў перамагае каманда, якая паведаміла, што скончыла раней.  

13. Спрэчныя сітуацыі вырашае Журы. Журы можа звяртацца да чальцоў камандаў за ўдакладненнямі. Аргкамітэт/Журы можа на час спаборніцтваў даслаць назіральніка ў любую з каманд. 

14. Рашэнне Журы канчатковае і не можа быць абскарджанае. 

 

На здымку Юрыя Лукашэнкі: прадстаўнікі каманд пасля абвяшчэння вынікаў Birdrace-2011.

 

На гэтую тэму:

"АРЛЫ І СТРЫНАТКІ" - ЧЭМПІЁНЫ БЕЛАРУСІ 2014 ГОДУ

Пад час “Гонак за птушкамі-2010” усталяваны абсалютны рэкорд - 114 відаў! + табліца з відамі птушак

Закулисный предвзятый взгляд 

Формула перамогі

ЭСТОНСКІ BIRDRACE - 167 ВІДАЎ У КАМАНДЫ-ЧЭМПІЁНА!

Comments

Не пасьпеў павесіць абвестку, а ўжо зарэгістравалася першая, маладая і амбітная каманда Troglodytes, якая будзе стартаваць з Калінкавіч. Посьпехаў у Гонцы за птушкамі!