Новы для Беларусі від птушак адзначаны на Нёмане ў межах Гродна

Штогод у Беларусі арнітолагі і бёдуотчары рэгіструюць новыя для нашай краіны віды птушак. Сёлета такімі новымі відамі могуць стаць два віды вадаплаўных: амерыканская свіцьва і караткадзюбая гуменніца (Anser brachyrhynchus).

Аднак не заўсёды абставіны назіранняў і доказы ў іх падтрымку адназначныя і не выклікаюць сумневаў. Так атрымалася сёлета з рэгістрацыяй амерыканскай свіцьвы на балоце Грайна (хутчэй за ўсё адзначаны самец быў гібрыдам паміж амерыканскай і “нашай” свіцьвай, аднак неабходны дадатковы прагляд здымкаў бліжэйшых да самца самак, якія вельмі падобныя ў абодвух відаў, усё ж застаўляюць надзею на тое, што новы від заляцеў да нас).

У панядзелак я са студэнтамі-заолагамі пятага курса праводзіў арніталагічную экскурсію, якая праходзіла па беразе Нёмана. На жаль, надвор’е нам не спрыяла: ў паветры літаральна вісеў дробны дожджык і я вырашыў не браць з сабой фотакамеру. Так атрымалася, што хутка я аб гэтым пашкадаваў.

За станцыяй ОСВОДа на Нёмане сярод чародкі звычайных у горадзе качак-крыжанак нечакана плавалі дзьве гусі! Хуткі погляд праз трубу паказаў іх відавыя рысы: светлае пуза, цёмную голаву і шыю, невялікую чорна-аранжавую дзюбу і я іх вызначыў і паказаў студэнтам як гусей-гуменніц (A. fabalis). Гусі не вельмі нас баяліся, аднак без фотаапарата не было і сэнсу да іх набліжацца, і мы пайшлі далей, да вусця р.Ласасянка, дзе наша экскурсія скончылася. Ўвесь гэты час у ва мне рос сумнеў наконт правільнага вызначэння гусей. Бо іншы від – караткадзюбая гуменніца, вельмі падобны і адрозніваецца найперш у палёце (светла-шэрымі зверху крыламі і параўнальна невялікай цёмнай палоскай на белым зверху хвасце), або стоячы на цвёрдай паверхні колерам неаперанай часткі ног – яны ў караткадзюбых гуменніц ружова-чырванаватыя ў адрозенне ад аранжавых у гуменніц.

Усяго гэтага я бачыць не мог, бо гусі плавалі. Таму вырашыў вярнуцца дахаты за камерай і пасля яшчэ раз разгледезць-пафатаграфаваць падазроных птушак. Калі я вярнуўся на “гусінае” месца, гусей там не было, аднак затока, дзе яны раней плавалі з качкамі, часткова заходзіла за пабудовы ОСВОДа, і я пачаў спускацца з абрывістага берагу ўніз, каб мець магчымасць праглядзець і тую, схаваную ад мяне частку затокі. Ў гэты час я пачуў плёскат вады і шум ад дзесяткаў узлятаючых з ракі птушак – з-за будынкаў выплыла байдарка, якая і спалохала ўсіх вадаплаўных. На шчасце для мяне, ўзляцелі і гусі, якім атрымалася зрабіць некалькі далёкіх і не зусім рэзкіх здымкаў. Гусі рабілі спробу нават вярнуцца на старае месца адпачынку і разварачваліся ў мой бок. Але потым змянілі кірунак палёту яшчэ раз і адвярнулі ўбок ад Нёмана недзе перад Ласосна.

Раняшняя праверка гэтага месца Мікалаем Гулінскім па маёй просьбе ва аўторак не дала станоўчых вынікаў, і для вызначэння віду маем толькі мае здымкі, на якіх бачны вельмі светлыя зверху крылы, параўнальна белы хвост і кароткая (?) шыя. Першыя дзве падобныя рысы могуць быць бачныя ў палёце і ў шэрых гусей (A. anser), аднак іх мы можам выключыць, бо я добра бачыў птушак раней у трубу і гэта не былі шэрыя гусі. Такім чынам, застаюцца толькі караткадзюбыя гуменніцы – новы від для нашай арнітафауны.

Аднак і з гэтым не ўсё так проста, як хацелася б! Па-першае, гэтыя гняздуючыя выключна ў тундры Ісландыі, Грэнландыі і на востраве Свальбард гусі хутчэй за ўсё рэгулярна залятаюць у нашу краіну пад час міграцый, і паляўнічыя не аднойчы пісалі на сваіх форумах пра тое, што яны здабывалі гэты від у нашай краіне. Але да апошняй вясны доказаў гэтага навукоўцы не бачылі, а без іх заносіць новы ці нават толькі рэдкі залётны від у спіс нашай арнітафауны мы не маем права каб не ствараць ложных фактаў. А гэтай вясной як мінімум адзін здымак з забітай у Беларусі караткадзюбай гуменніцай быў на форумах паляўнічых выяўлены і будзе разглядацца – разам з нашым выпадкам – Беларускай арніта-фауністычнай камісіяй. Таму, калі абедзве рэгістрацыі будуць прызнаныя і зацверджаныя БАФК, першай рэгістрацыяй будзе вясновая забітай птушкі, а наша – другая і першая прыжыцёвая.

Калі мінулагодняя і сёлетнія рэгістрацыі пячураўкі-зарнічкі , сёлетняя амерыканскай свіцьвы і караткадзюбых гуменніц будуць зацверджаны БАФК, у спісе нашых птушак за ўсю гісторыю іх даследаванняў будуць 328 відаў.

Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

дакументацыйныя фота аўтара

  На гэтую тэму:

БОФК: В Списке птиц Беларуси стало 325 видов - добавились 4 и исключены 2

Новы для Беларусі від птушак заляцеў у арніталагічны заказнік на Гарадзеншчыне

НОВЫ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІД ПТУШАК – ПЯЧУРАЎКА-ЗАРНІЧКА – АДЛЯЦЕЎ З УЛАСНЫМ КАЛЬЦОМ

У ПРЫРОДЗЕ БЕЛАРУСІ АДЗНАЧАНЫ ЯШЧЭ АДЗІН (ЧУЖАРОДНЫ) ВІД ПТУШАК

НОВЫ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІД ПТУШАК - ПЛАСКАНОСЫ ПЛЫВУНЧЫК - ЗАЛЯЦЕЎ НА ВІЦЕБШЧЫНУ + VIDEO

НОВЫ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІД ПТУШАК – ЧАЙКАНОСАЯ КРЫЧКА – АДЗНАЧАНЫ Ў ТУРАВЕ + VIDEO

Сенсация: новый для Беларуси вид птиц - белобрюхий стриж - в Минске !

Новы для Беларусі від птушак – камчацкая чайка (Larus schistisagus) – адзначаны ў Гродна