Як чайкі сталуюцца ў качак + VIDEO

 

Чайкі навучыліся карыстацца з асаблівасцяў харчавання некаторых відаў качак каб атрымаць доступ да малюскаў, якіх не могуць лавіць самі. Вынікі назіранняў за іх паводзінамі былі нядаўна апублікаваныя ў часопісе The Auk: Ornithological Advances.

Чайкі – слабыя нырцы, таму звычайна водныя смаўжы не ўваходзяць у склад іх харчавання на ўзбярэжжах унутраных мароў, дзе адлівы і прылівы амаль незаўважныя і не даюць магчымасці атрымаць лёгкі доступ да бентасных малюскаў. Аднак доўгатэрміновыя назіранні за чайкамі ў Шчэцінскім заліве Балтыйскага мора сведчаць пра тое, што і там чайкі знаходзяць стратэгіі, якія дазваляюць ім карыстацца з гэтага каштоўнай крыніцы бялку. Тым самым пацверджваючы ранейшыя высновы пра тое, што чайкі з’яўляюцца групай птушак з вялікімі адаптацыйнымі здольнасцямі, якія дазваляюць ім выкарыстоўваць розную ежу і новыя магчымасці ў яе здабыванні.

Зімуючыя ў Шчэцінскім заліве ныркі шукаюць асноўную ежу на дне, ў зоне бентасу. Галоўным чынам іх цікавяць дрэйсены (Dreissena polymorpha). Падчас адкрыцця ракавін і спажывання малюскаў, качкі часта трацяць іх кавалкі.

Каб зразумець, ці чайкі, якія жывуць на ўзбярэжжы Балтыкі, выкарыстоўваюць гэтую магчымасць падсілкавацца ці іх знаходжанне сярод качак чыста выпадковае, каманда польскіх арнітолагаў са Шчэцінскага ўніверсітэту на працягу году назірала паводзіны птушак і змены ў іх. Найбольш дадзеных было атрымана пад час назіранняў за трыма відамі ныркоў: чубатых (Aythya fuligula), плёсавак (A. marila) і ныркоў-сівакоў (A. ferina). Даследчыкі вызначалі інтэнсіўнасць харчавання качак і правяралі, калі да групаў качак прыляталі шызыя чайкі (Larus canus) і чайкі-клыгуны (L. argentatus).

Атрымалася, што чым больш інтэнсіўна харчаваліся качкі, тым большай была імавернасць далучэння да іх чаек. Каб мець дадзеныя пра склад ежы чаек, навукоўцы аналізавалі іх выплюйкі, якія складаюцца з непаравараных і спрэсаваных у мускульным аддзеле страўніка птушак частак вадаростаў, безхрыбетных і хрыбетных жывёл. Гэта дазволіла сцвердзіць не толькі дзякуючы непасрэдным назіранням за паводзінамі чаек, што калі на зімоўку ў заліў масава прылятаюць нырковыя віды качак, чайкі пераключаюцца з харчавання рыбамі на малюскаў.  

 

Чайкі выкарыстоўваюць магчымасці качак у падвойны спосаб. Першая стратэгія больш пасуе да азначэння каменсалізму (калі адзін від атрымлівае карысць ад дзейнасці другога, але гэты другі фактычна не атрымлівае ад гэтага ніякай шкоды) – гэта калі чайкі збіраюць з паверхні вады фрагменты мышц разарваных качкамі малюскаў. Другая стратэгія хутчэй пасуе да клептапаразітызму: чайкі часам выхопліваюць смаўжоў у качак.

Паводле www.naukawpolsce.pap.pl падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак самца нырка-плёсаўкі з дрэйсенай з www.gschneiderphoto.com

 

На гэтую тэму:

Марскія віды птушак у вялікіх клопатах

Поспех чаек - смецце

Чайкі ядуць … кітоў