Чыжы выбіраюць для пералётаў знаёмую кампанію

Параўнальна моцныя сацыяльныя адносіны ў лебедзяў, гусей або крумкачовых вядомы здаўна і добра. Гэтыя птушкі, калі маюць магчымасць, ўтвараюць стабільныя сем’і з партнёрам на ўсё жыццё ці нават дапамагаюць птушкам з іншых параў. Аднак адкрыццё падобных узаемадносін для дробных вераб’іных птушак пачалося зусім нядаўна на прыкладзе вялікіх сініц. А ў апублікаваным ў часопісе Bird Study артыкуле паказаны выбар чыжоў (Carduelis spinus) пералятаць на вялікія адлегласці з тымі самымі партнёрамі або “сябрамі” на працягу нават некалькіх гадоў. 

Для таго, каб паказаць гэта, даследчыкі выкарысталі дадзеныя па паўторных адловах чыжоў у групах Еўрапейскай базы дадзеных па кальцаванню птушак EURING. Такіх дадзеных набралася амаль 43 тысячы паміж 1907 і 2011 гг. Для таго, каб выкарыстаць найбольш прыдатныя з іх, навукоўцы абмежаваліся толькі тымі паўторнымі адловамі птушак, якія адносіліся да выпадкаў з адлегласцю большай за 50 км паміж месцам кальцавання і наступнага адлову. Яны палічылі, што такія пералёты птушкі магді зрабіць не раней, чым у наступны дзень, бо звычайныя дзённыя пералёты чыжоў не перавышаюць 40 км. 

Дадзеныя паказалі, што чыжы могуць заставацца ў той самай групе нават да 4 гадоў! Прычым падарожжы ў такіх групах могуць адбывацца нават да 1300 км у адзін бок.

Галоўны аўтар артыкула, Хуан Карлас Сенар (Senar), падкрэсліў: “Было вельмі цікава даведацца, што ў некалькіх зграях разам на вялікія адлегласці (больш за тысячу км) пераляталі пераадлоўленыя разам самцы і самкі (магчымыя партнёры ў час гнездавання), у іншых групах былі прадстаўнікі толькі аднаго з палоў – гэта значыць, што сацыяльныя сувязі важныя не толькі паміж партнёрамі, але і паміж сябрамі таго ж полу”.  

Дагэтуль было вядома, што сасновыя чыжы (Carduelis pinus) і звычайныя чачоткі (Acanthis flammea) могуць заставацца ў тых самых групах на працягу ўсёй зімы, аднак пра больш доўгія сацыяльныя ўзаемасувязі ў такіх групах нічога невядома. 

У адрозненне ад іншых вераб’іных птушак, якія зімуюць у групах рознага памеру – такіх, як, напрыклад, чорнагаловыя шчыгелы (Carduelis carduelis) або зелянушкі (Carduelis chloris), чыжы выкарыстоўваюць розныя месцы зімоўкі ў розныя зімы. Такім чынам, "калі дзве птушкі злапаныя разам на адлегласці сотняў км ад першага месца, дзе былі закальцаваныя таксама разам, гэта не значыць, што яны тут апынуліся таму, што незалежна адна ад адной ляцелі ў тое самае месца зімоўкі і выпадкова апынуліся побач. Для чыжоў хутчэй гэта значыць, што яны вандравалі ўвесь час разам”.  

У падтрымку менавіта такой інтэрпрэтацыі атрыманых навукоўцамі дадзеных адносіцца таксама той факт, што такія закальцаваныя разам чыжы аддавалі перавагу гнездаваць разам з партнёрам, якога папярэдне добра ведалі пад час супольных вандровак. Для таго, каб лепш пазнаць адно аднаго патрабуецца параўнальна шмат часу, аднак навошта яго траціць пад час зімовых вандровак упустую?

.  

Крыніца: 

Senar J.C. et al. (2015) Do Siskins have friends? An analysis of movements of Siskins in groups based on EURING recoveries, Bird Study (2015). DOI: 10.1080/00063657.2015.1089836 

Паводле www.rarebirdalert.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 Здымак самца чыжа Сяргея Чарапіцы

 

На гэтую тэму:

LOVE OVER FOOD - НЕВЕРАГОДНА: ПТУШКІ ВЫБІРАЮЦЬ КАХАННЕ ЗАМЕСТ ЕЖЫ

Вароны дапамагаюць адна адной у патрэбе

Новы партнёр – новае шчасце?

“Развод” па-лебедзінаму